СТРУКТУ́РНА-ФУНКЦЫЯНА́ЛЬНЫ АНА́ЛІЗ,
тэарэтыка-метадалагічны кірунак у сацыялогіі, які зыходзіць з прыярытэту сістэмнага аналізу пры вывучэнні сац. рэальнасці, яе структуры і функцыян. сувязі яе элементаў. Тэарэт. асновы С.-ф.а. распрацоўвалі Э.Дзюркгейм, А.Р.Радкліф-Браўн, Б.К.Маліноўскі, В.Парэта і іх паслядоўнікі Т.Парсанс, Р.К.Мертан, К.Дэвіс і інш. Яны разглядалі грамадства, сац. з’явы і працэсы як цэласную сістэму, элементы якой узаемазвязаны і выконваюць пэўную функцыян. ролю ў адносінах адзін да аднаго і да сістэмы ўвогуле. Адрозніваюць С.-ф.а. як сацыялагічную тэорыю і як метад сац. даследавання. Як сацыялагічную тэорыю С.-ф.а. распрацоўвалі Парсанс, М.П.Фуко, Н.Дж.Смелсер, Дэвіс, С.Айзенштат і інш., якія асн. задачай сацыялогіі лічылі вывучэнне механізмаў, што забяспечваюць цэласнасць сац. структуры, а функцыянаванне грамадства і яго асобных падсістэм разглядалі з пункту гледжання выканання імі пэўнага комплексу функцыян. патрабаванняў. У аснове С.-ф.а. Парсанса — ідэя сац. парадку, які адлюстраваны ў імкненні сац. суб’ектаў да падтрымання раўнавагі сістэмы. Фуко, К.Леві-Строс гал. задачай С.-ф.а. лічылі выяўленне элементаў грамадскай сістэмы і вызначэнне іх асн. функцый у забеспячэнні цэласнасці грамадства Як метад сацыяльнага даследавання С.-ф.а. распрацаваў Мертан. Унутры метаду С.-ф.а. існуюць 2 асн. падыходы: структурны (аналіз сац. структур) і функцыянальны (аналіз сукупнасці сац. функцый і вызначэнне структур, якія ажыццяўляюць пэўныя функцыі). Сумяшчэнне ідэі стабільнага функцыянавання, грамадства, характэрнай для С.-ф.а., і ідэі развіцця прывяло да распрацоўкі ў 1960—70-х г. канцэпцыі неаэвалюцыянізму (Парсанс, Э.А.Шылз), паводле якой устойлівае развіццё сац. сістэмы патрабуе вырашэння 4 асн. праблем: атрыманне рэсурсаў з навакольнага асяроддзя і іх размеркаванне ўнутры сац. сістэмы (адаптацыя), мабілізацыя рэсурсаў для дасягнення пэўных мэт і вызначэнне парытэту паміж імі (метадасягненне), каардынацыя адносін унутры сістэмы (інтэграцыя), забеспячэнне індывідаў неабходнай матывацыяй (падтрыманне «цэласнага стандарту»), Найноўшыя версіі С.-ф.а. характарызуюцца сінтэзам шэрагу ідэй сацыялагічнай думкі. С.-ф.а. пашыраны ў галінах сацыялогіі палітыкі, сацыялогіі сям’і, сацыялогіі злачыннасці і інш.
Літ.:
Дюркгейм Э. О разделении общественного труда: Метод социологии: Пер. с фр. М., 1996;
Американская социологическая мысль;
Р.Мертон, Дж.Мид, Т.Парсонс, А.Шюц. М., 1996;
Парсонс Т. О структуре социального действия: Пер. с англ. М., 2000.
І.В.Катляроў.
т. 15, с. 211